Зварот старшыні арганізацыйнага камітэта Мінскага гей-прайда 2011 Сяргея Андросенкі

Вітаю Вас, шаноўныя госці Мінскага гей-прайда!

Рады мець магчымасць звярнуцца да Вас з вітальным словам.

Арганізуючы Мінскі гей-прайд што ў мінулым годзе, што ў гэтым, я шмат кажу аб тым, што правы гомасэксуалаў – гэта не асаблівыя правы, мы не просім і не патрабуем ніякіх прывілей. Права гомасэксуалаў на самавыражэнне і мірны сход – гэта законныя правы, якія замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі, заканадаўствам і, тым больш, міжнароднымі дакументамі.

Мы любім сваю краіну і хочам ведаць, што гэтая краіна паважае і шануе нас. Мы ведаем, што гомасэксуальныя беларусы – такія ж самыя беларусы як і не гомасэксуальныя, акрамя таго, што гомасэксуальны беларус ці беларуска валодае тузінам дадатковых праблем, з-за сваёй сэксуальнай арыентацыі ці гендарнай ідэнтычнасці.

Страх быць раскрытымі, страх прызнанняў, страх знаёмстваў, страх быць звольненымі, страх быць незразумелымі, страх быць зацкаванымі, страх быць абражанымі, страх быць збітымі… Страхі робяць нас маргіналамі. Асноўная наша перашкода – гэта страх. Менавіта пераадолець свае страхі і дапамагчы пераадолець іх іншым, мы хочам праз арганізацыю публічнага ЛГБТ-форума.

Гей-прайд - гэта не прамая акцыя пратэсту супраць гамафобных уладаў альбо супраць гамафобнай апазіцыі. Гэта - дэманстрацыя за саміх сябе, у сваю ж падтрымку. Гэта заява супраць манапалізацыі апазіцыйнымі групоўкамі альбо урадам права на прадстаўленне сваіх інтарэсаў. Група выступае не ад імя большасці, а ад сябе і для сябе.

Гей-прайд - гэта правакацыя для тых, хто не хоча прызнаваць палітычныя правы ЛГБТ- людзей і ўвогуле іх годнае існаванне, хто лічыць, што псіхафізіялагічная прыроджаная асаблівасць чалавека з'яўляецца падставай для яго дыскрымінацыі, ўсялякага прыгнёту. І мы стопрацэнтныя фрыкі і правакатары да таго часу, пакуль шматлікія людзі па невуцтву або знарок ставяць знак роўнасці паміж абаронай правоў і «прапагандай збачэнстваў».

Заклікаю мінчан і гасцей сталіцы далучацца да арганізацыі і ўдзелу ў мерапрыемствах Мінскага гей-прайда 2011 з 11 па 23 кастрычніка і правесці з намі незабыўныя 2 тыдні!